ВЫШЭ́ЙШЫ АТЭСТАЦЫ́ЙНЫ КАМІТЭ́Т РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ,
ВАК Беларусі, цэнтральны орган кіравання, які забяспечвае функцыянаванне нац. сістэмы падрыхтоўкі і атэстацыі навук. і навукова-пед. работнікаў у галіне прысуджэння ім вучоных ступеней і прысваення вучоных званняў. Створаны паводле Пастановы Савета Міністраў ад 18.9.1922 18.9.1992 як Вышэйшая атэстацыйная камісія, з ліст. 1995 — камітэт. Прысуджае на падставе хадайніцтваў саветаў па абароне дысертацый вучоную ступень доктара навук; зацвярджае рашэнні саветаў па абароне дысертацый аб прысуджэнні вучонай ступені кандыдата навук; прысвойвае вучоныя званні прафесара і дацэнта; стварае сістэму органаў па атэстацыі навук. і навукова-пед. работнікаў і каардынуе іх дзейнасць; прымае ўдзел у распрацоўцы парадку падрыхтоўкі навук. кадраў вышэйшай кваліфікацыі праз аспірантуру, дактарантуру і суіскальніцтва; распрацоўвае і зацвярджае пералік спецыяльнасцей, па якіх прысуджаюцца вучоныя ступені, і пералік спецыяльнасцей, па якіх прысвойваюцца вучоныя званні; стварае нац. банк даных навук. і навукова-пед. работнікаў рэспублікі з вучонымі ступенямі, званнямі і інш. У 1996 на Беларусі працавала 136 саветаў па абароне дысертацый, 25 экспертных саветаў.
т. 4, с. 334
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)